НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРГАНІЗАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т па падрыхтоўцы да сустрэчы трэцяга тысячагоддзя і святкавання 2000-годдзя хрысціянства.
Створаны 4.8.1998. Узначальвае Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь У.В.Ярмошын (да 14.4.2000 С.С.Лінг); уваходзяць дзеячы культуры, прадстаўнікі органаў дзярж. кіравання, духавенства. Асн. кірункі дзейнасці: міжнар. сувязі, культ.-масавая і інфарм.-тлумачальная работа, выдавецкая дзейнасць, правядзенне навук.-практычных канферэнцый, фестываляў, конкурсаў, прысвечаных знамянальным падзеям, а таксама садзейнічанне рэліг. арг-цыям ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхн. базы [буд-ва, рэстаўрацыя і рамонт храмаў, напр., праваслаўных цэркваў (комплексаў) Мінска, Віцебска, Друцка, касцёлаў у Гродне, Пінску, Нясвіжы і інш.]. Аргкамітэт мае сваю эмблему (аўтар мастак Л.І.Талбузін) з выявай узноўленага Крыжа Ефрасінні Полацкай. Рабочую групу Аргкамітэта ўзначальвае старшыня Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь А.М.Білык. Рабочая група каардынуе дзейнасць міжнар., дзярж. і грамадскіх арг-цый па падрыхтоўцы да юбілеяў, падтрымлівае сувязі з аргкамітэтамі, якія створаны ў шэрагу краін свету, і з суайчыннікамі за межамі Беларусі.
Л.У.Бароўка.
т. 11, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)